Быў час, калі медыкі ў Польшчы выходзілі на вуліцы ў акцыях пратэсту супраць нізкай зарплаты, многія з’язджалі працаваць за мяжу, згубіўшы веру ў тое, што на айчыне можна дабіцца сумленных заробкаў. Але гэты час ужо даўно закончыўся. Цяпер польскія лекары зарабляюць шмат, а многія — нават вельмі шмат. У выніку, бальніцы значную частку сродкаў прызначаюць на зарплаты, а на лячэнне пацыентаў застаецца ўсё менш і менш. Урад вырашыў падрыхтаваць рэформу фінансавання сістэмы аховы здароўя.
У дадзены момант дэфіцыт фінансаў Нацыянальнага фонду аховы здароўя (NFZ), які плаціць за лячэнне ў Польшчы, складае каля 14 мільярдаў злотых (прыкладна 3,7 мільярда долараў ЗША). Зразумела, што пры такім гіганцкім дэфіцыце не можа ісці гаворка пра нармальны ўзровень фінансавання службы аховы здароўя. Некаторыя польскія бальніцы заяўляюць, што ў іх ужо закончыліся грошы, якіх павінна было хапіць на цэлы год працы.
Польскі ўрад разглядае законапраекты, якія стануць асноваю рэформы. Міністр аховы здароўя прадстаўляе інфармацыю аб пакеце змяненняў і ходзе іх рэалізацыі.
Прэм'ер-міністр Дональд Туск заявіў у аўторак перад пасяджэннем урада, што яшчэ да таго, як законапраекты трапяць на стол прэзідэнта Караля Наўроцкага, адбудуцца грамадскія кансультацыі, якія могуць заняць нават некалькі тыдняў.
— Я не хачу, каб у прэзідэнта, які, магчыма, хацеў бы накласці вета на гэты закон, былі нейкія падставы гэта зрабіць. А фармальнай падставай вета можа быць тое, што мы не правялі адпаведных грамадскіх слуханняў з прадстаўнікамі зацікаўленых асяроддзяў. І таму мы будзем старацца зрабіць усё максімальна правільна, каб гэтыя законапраекты ў адпаведным часе прайшлі праз галасаванне ў Сейме.
Адным з важнейшых элементаў рэформы павінна стаць максімальная пагадзінная аплата за працу лекара – 240 злотых. Старшыня Фонду аховы здароўя Філіп Новак мяркуе, што гэта няправільны падыход, паколькі пра максімальную аплату за гадзіну працы павінен вырашаць кіраўнік канкрэтнай медыцынскай установы.
— Максімальная стаўка будзе абмяжоўваць дырэктара шпіталя. А дырэктар з’яўляецца добрым менеджарам, як правіла з вялікім досведам працы. Справа ў тым, што зусім інакш трэба аплачваць працу ўнікальнага спецыяліста, а інакш – працу кагосьці іншага.
Тым не менш, палітыкі пакуль што выбралі самы просты шлях – увядзення абмежаванняў і лімітаў. Нагадаем, некалькі тыдняў таму ў Польшчы ўспыхнуў скандал, калі стала вядома, што адзін з такіх унікальных спецыялістаў зарабляў каля 26 тысяч злотых за гадзіну працы, у дзяржаўнай сістэме аховы здароўя.
Сенатар ад Грамадзянскай кааліцыі Гжэгаж Схетына адзначае, што неабходна пакласці канец магчымасці мець такія касмічныя заробкі.
— Гэта разбурае сістэму, гэта проста немагчыма прыняць і з гэтым змірыцца. Таму неабходна такую паталогію стрымаць, змагацца з ёй бязлітасна і паслядоўна. Я ўпэўнены, што ўдасца прыняць гэтыя змены, паколькі ёсць поўная згода сярод прадстаўнікоў урадавай кааліцыі. І я спадзяюся, што прэзідэнт падпіша гэты закон, таксама, як падпісаў першы закон, які тычыцца дадзенай тэматыкі.
Партыя “Канфедэрацыя” скептычна ставіцца да прапанаванай максімальнай стаўкі. На думку дэпутата Сейма (ніжэйшая палата парламента) ад гэтай партыі Вітольда Тумановіча, гэта несправядліва ў адносінах да лекараў, якія з'яўляюцца рэдкімі спецыялістамі.
— Новаўвядзенне працуе супраць тых людзей, якія вельмі кампетэнтныя ў сваёй працы. На маю думку, унікальныя спецыялісты павінны зарабляць шмат. У сваю чаргу, нельга сказаць, што дзякуючы гэтым зменам будзе прасцей змагацца са звычайным падманам. Напрыклад, Давід Кацпшчык не павінен быў атрымаць нават такой максімальнай стаўкі за сваю працу. Гэта адцягванне ўвагі выбаршчыкаў, дым у вочы, касметычныя змены.
Давід Кацпшык – гэта былы лекар Паўднёвага шпіталя ў Варшаве. Менавіта з яго высокіх заробкаў, пры адсутнасці спецыялізацыі, а таксама сувязяў з палітыкамі партыі “Грамадзянская кааліцыя” пачаўся скандал.
Пры гэтым, як стала вядома з гутарак з медыкамі, маладыя лекары ў Польшчы патрабуюць не павышэння заробкаў, а лепшай сістэмы навучання і больш эфектыўнага кантролю за праходжаннем спецыялізацыі. Пра гэта заявіў кіраўнік Аб'яднання маладых лекараў Себасцьян Гонцаж. Паводле яго слоў, галоўныя праблемы ў наступным: мала практычнай падрыхтоўкі, адсутнасць нагляду падчас дзяжурстваў і выкарыстанне маладых лекараў для закрыцця кадравых прабелаў у шпіталях.
Арганізацыя таксама крытыкуе планы скараціць паслядыпломную стажыроўку з года да шасці месяцаў. На думку Гонцажа, гэта можа пагоршыць падрыхтоўку маладых лекараў. Ён дадаў, што ў польскай сістэме аховы здароўя поўна праблем, а ўлады рэагуюць на іх толькі тады, калі гэтыя праблемы нарастаюць і ператвараюцца ў гучныя скандалы.
IAR/нг